Музеі Беларусі прапануюць вялікую навагоднюю праграму
Лічаныя дні і тыдні застаюцца да свят Раства і Новага года. Многія з нас ужо бегаюць па крамах у пошуках найлепшых падарункаў для сваіх родных, набываючы святочныя ўпрыгажэнні для стала і ялінкі. Не застаюцца ўбаку ад святочнай мітусні і айчынныя музеі. Яны падрыхтавалі такія цікавінкі, якія могуць завабіць нават вандроўніка з іншага кутка краіны і гарантавана стварыць цудоўны настрой.
Музей ёлачнай цацкі ў Гомельскім палацы
Хутка! Ужо зусім-зусім хутка! Засталося пацярпець усяго некалькі дзён, і, нарэшце, надыдзе ён — чароўны перадсвяточны час! Мандарыны пачнуць пахнуць па-асабліваму, а на вялікіх і малых плошчах гарадоў заззяюць гірляндамі ёлкі! І мы здымем з шаф і змахнём пыл са скрынак з любімымі ёлачнымі цацкамі... Ці заўважалі вы калі-небудзь, што менавіта навагодняя цацка валодае цудоўнай здольнасцю сціраць мяжу паміж дарослымі і дзецьмі? 30-гадовым дзяўчатам ужо наўрад ці падабаюцца лялькі Барбі, а 30-гадовым хлапцам — гоначныя машынкі на дыстанцыйным кіраванні, але вось вырабленыя са шкла і ваты пацешныя звяркі, садавіна-агародніна, домікі, чалавечкі і казачныя персанажы нязменна выклікаюць шырокую ўсмешку і нават у самых суровых дарослых. Здаецца, што ў далікатных ёлачных цацках запячатаны сам дух Новага года і вечнага дзяцінства, ці не так?
Сёння разнастайнасць ёлачных упрыгажэнняў дзівіць уяўленне: мудрагелістыя формы, нечаканыя спалучэнні колераў, нацыянальны каларыт, які знаходзіць адлюстраванне ў матэрыяле і кампазіцыі цацкі... Гэта з аднаго боку, а з другога — чароўнае хараство вінтажных ёлачных упрыгажэнняў і адмысловая, з ноткай настальгіі, аўра савецкай навагодняй цацкі! Цэлы свет, перад якім не ўстаіць ні адно дзіця і... ні адно дарослае дзіця!
Акунуцца ў атмасферу дзяцінства і Новага года можна будзе ў музеі Гомельскага палаца Румянцавых і Паскевічаў на выстаўцы «Музей ёлачных цацак», якая прадставіць самую вялікую ў Беларусі — і, магчыма, адну з самых маштабных у свеце — калекцыю ёлачных упрыгажэнняў. Яе стваральнік, Андрэй Бягун, аб'ездзіў паўсвету, каб у крамках і антыкварных салонах, на блышыных рынках і на кірмашах адшукаць і сабраць разам свае далікатныя шэдэўры. Цяпер іх у яго некалькі тысяч! Пачынаючы з 2014 года выстаўка збірае велізарныя натоўпы захопленых людзей у Мінску; гомельскія ж наведвальнікі змогуць убачыць яе ўпершыню.
Казачная навагодняя вандроўка разгорнецца ў трох залах: ёлачныя цацкі з розных краін і кантынентаў, экскурс-падарожжа ў гісторыю навагодніх упрыгажэнняў, сакрэты іх стварэння, асаблівасці святкавання Раства і Новага года ў розных кутках свету, пошта Дзеда Мароза... Проста на выстаўцы можна будзе набыць цацкі на ёлку ў падарунак родным і блізкім — а таксама паспрабаваць сябе ў справе роспісу ёлачных упрыгажэнняў!
Балі з Радзівіламі ў Мірскім замку
Раство — светлае свята, якое напаўняе нашы сэрцы трапяткім чаканнем цудаў і верай у выкананне жаданняў. А дзе шукаць сюрпрызы, як не на балі ў Мірскім замку?
Князь Міхал Казімір Радзівіл і яго жонка запрашаюць чароўных дам і галантных кавалераў на традыцыйны Калядны баль, які адбудзецца ў раскошнай Партрэтнай зале 5 студзеня ў 19.00. Арганізатары вечара прапануюць гасцям акунуцца ў атмасферу XVІІІ стагоддзя і азнаёміцца з бальнымі традыцыямі эпохі. Балетмайстар навучыць удзельнікаў балю старадаўнім танцам, а музыкі парадуюць прафесійным выкананнем. На ўрачыстасці можна будзе адчуць сябе сапраўдным акцёрам тэатра Уршулі Радзівіл і ўдосталь нацешыцца бальнымі гульнямі і забавамі. Гаспадары вечара падрыхтавалі мноства сюрпрызаў для сваіх гасцей, сярод якіх віктарыны, шарады, незвычайнае падарожжа па самых раскошных залах Мірскага замка і многае іншае.
Асаблівую ўвагу арганізатары вечара просяць звярнуць на дрэс-код: для дам — сукенка ў стылі XVІІІ стагоддзя і абутак без абцасаў, для кавалераў — строгі гарнітур. Вітаюцца аксесуары, адпаведныя эпосе.
Адбудуцца і ўжо традыцыйныя дзіцячыя калядныя балі ў Мірскім замку, куды запрашаюць маленькіх дам і кавалераў ад 6 да 12 гадоў. Яны адбудуцца ў Партрэтнай зале 2, 5, 6 і 7 студзеня ў 12.00. Дзеці пазнаёмяцца з уладальнікамі замка, а таксама сустрэнуцца з незвычайнымі насельнікамі і духамі княжацкай рэзідэнцыі. Юныя прынцэсы і рыцары атрымаюць урокі прыдворнага этыкету, пакажуць сваё майстэрства ў старадаўніх танцах і ўдосталь нацешацца гульнямі і забавамі. Не абыдзецца, вядома, без выпрабавання на смеласць і кемлівасць, якое хлопцам прыйдзецца прайсці, каб перамагчы злыя чары.
«Цуд на Каляды» сваімі рукамі
У сталіцы ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва распачалася выстаўка дзіцячага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Цуд на Каляды!»
Падрыхтоўка да Новага года — гэта заўсёды прыемныя клопаты. А дзіцячыя фантазіі на навагоднюю тэму невычарпальныя і кожны раз здзіўляюць нават прафесійных майстроў і мастакоў.
Удзельнікі выстаўкі «Цуд на Каляды!» — навучэнцы і педагогі аб'яднанняў па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «АРТ», «Ветразь», «Зорка», «Ранак», «Арыён» і іншых. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 80 індывідуальных і калектыўных работ, аб'яднаных навагодняй і каляднай тэматыкай, розных па кампазіцыі і тэхніцы выканання: габелен, мастацкае ткацтва, дэкупаж, саломапляценне, вязанне, бісерапляценне, алмазная вышыўка, фларыстыка, дэкаратыўны роспіс. Тут можна ўбачыць тэкстыльныя лялькі, дэкаратыўныя ёлкі, мяккую цацку, навагоднія паштоўкі, макрамэ, выцінанку і дзіцячыя малюнкі — і, можа быць, натхніцца такім чынам на стварэнне падарунка блізкім сваімі рукамі! Разам са звыклымі тканінамі, паперай, кардонам юныя майстры выкарыстоўваюць у працы дрэва, каменьчыкі і ракавінкі, актыўна эксперыментуюць з незвычайнымі матэрыяламі: салёнае цеста, мешкавіна, тасьма, пластмаса і нават цукеркі і пернікі.
Выстаўка «Цуд на Каляды!» аб'яднала таленавітых дзяцей і педагогаў, якія шчодра дзеляцца цяплом сваіх сэрцаў і дапамагаюць настроіцца на святочны лад.
Зімовы Vuraj
Усіх аматараў добрай музыкі 20 снежня этна-гурт Vuraj запрашае на незвычайны зімовы канцэрт, які пачнецца ў 19 гадзін у сталічным клубе «Бруге».
Музыкі рыхтуюць цікавую і насычаную праграму, складзеную з песень розных часоў, а таксама новыя творы. «Фішка» вечара — удзел аўтэнтычнага калектыву з Палесся (в. Дзятлавічы), які выступіць з Vuraj на адной сцэне. У жывым выкананні прагучаць старадаўнія песні ў першапачатковым выглядзе і з вурайскім аздабленнем.
На канцэрце можна будзе адчуць святочную зімовую атмасферу беларускага Палесся і Поўначы, таямніц і чараў, музыкі і фальклору.